19.08.2014

Першыя сацыялісты ў яўрэйскай літаратуры, 1918

Кароткі ўрывак з артыкула "Першыя сацыялісты ў яўрэйскай літаратуры" са штомесячнага часопіса "Der Jude" (Жыд) 1918 г. (Бэрлін / Вена).
Біяграфія магілёўскага пісьменьніка сацыяліста Эліэзэра Цукермана.

„Der Jude“ 
“Жыд“ штомесячны часопіс, 1918

Першыя сацыялісты ў яўрэйскай літаратуры.
С.Л. Цытрон (Вільня)

    Трэцім і найбольшым цэнтрам першых яўрэйскіх сацыялістаў быў Магілёў на Дняпры. Можна нават сьвярджаць, што Магілёў зьяўляецца калыскай яўрэйскага сацыялізму. Гісторык, які некалі будзе апісваць разьвіцьцё сацыялістычнага руху сярод расейскіх яўрэяў, вядома спыніцца на дзіўным факце, што марксізм спачатку праціснуўся ў такі горад як Магілёў, які ляжаў далёка ад чыгункі і эўрапейскага культурнага сьвету, і чыё яўрэйскае насельніцтва існавала ў рэлігійным фанатызьме. Аднак гэта было менавіта так, што першыя яўрэйскія чальцы расейскай рэвалюцыйнай партыі “Народная Воля” зьявіліся як раз у Магілёве. Сярод іх у Магілёве таксама быў яўрэйскі пісьменьнік, які агітаваў за сацыялізм у “гаШахар” Смаленскіна.

    Гэтага пісьменьнік зваўся Эліэзэр Цукерман і быў сынам бедных бацькоў, былым йешыва-бохэрам (вучнем йешывы, вышэйшай рэлігійнай навучальнайустановы), сябрам па вучобе старага яўрэйскага разказчыка Якава Дынезона. Праз чытаньне новаяўрэйскай асьветніцкай літаратуры ён стаў маскілем (прыхільнікам руху яўрэйскай асьветы, Аскалы, якая імкнулася адцягнуць яўрэяў ад традыцыйнага жыцьця), а ад Аскалы прыйшоў да сацыялізму. Першай публікацыяй Цукермана ў “гаШахар” было апавяданьне, напісанае ў форме дзёньніка пад назвай “Олам хафух” (“Перакулены сьвет”, гаШахар, 6-е выданьне). Гэтае апавяданьне ад пачатку да канца зьяўляецца пратэстам супраць багатых і гімнам працоўным. Значна пластычней выглядае невялікі набросак Цукермана, “Район ме-олам га-зэ у-ме-олам га-ба” (“Ідэя гэтага і будучага сьвету”, гаШахар, 7-е выданьне), напісаны пад псэўданімам “Эзрі бэн Йозэфель”. У форме размовы паміж рабочым і міліянэрам Цукерман малюе асноўныя лініі тэорыі Дарвіна пра барацьбу за існаваньне і ідэі Маркса пра Працу і Капітал, і скардзіцца на лёс гаротных, якія ахвяруюць сваю сутнасьць і кроў на алтар узбагачэньня сваіх эксплуататараў.
    Цукерман аднак не абмяжоўваецца тэарытычным сацыялізмам. У сярэдзіне 70-х гадоў ён прыбыў у Вільню і раптам пачаў вывучаць майстэрства наборшчыка з друкарні “гаШахар”, якая тады кіравалася Смаленскіным. Напрыканцы 70-х ён так жа раптоўна зьнік. Пасьля забойства Аляксандра ІІ у сакавіку 1881 паліцыя падчас ператрусу ў Пецярбурзе знайшла сакрэтную друкарню, у якой Цукерман як раз клаў у друк апошні нумар улёткі “Зямля і Воля”. Яго асудзілі на 4 гады прымусовай працы ў Сібіры, дзе ён на апошнім годзе свайго пакараньня скончыў жыцьцё самагубствам у водах Енісея.

Комментариев нет:

Отправить комментарий